1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня

20 августа 2010 г.

Міжнародная праваабарончая журналісцкая арганізацыя заявіла пра ўзмацненне ціску на беларускую прэсу, Чэхія акрэсліла ўмовы ўступу Беларусі ў Раду Еўропы, у Брэсце зноў не зарэгістравалі праваабарончую структуру.

https://p.dw.com/p/OsR0
Символ правосудия - молоток судьи
Фото: picture-alliance/ dpa

"Рэпарцёры без межаў" выказваюць заклапочанасць з нагоды пагаршэння стану з незалежнымі СМІ ў Беларусі, прадстаўнік чэшскага Сенату назваў неабходныя ўмовы для ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы, брэсцкія чыноўнікі чарговым разам адмовілі ў рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі "Берасцейская вясна".

Занепакоенасць станам медыяў

Міжнародная праваабарончая журналісцкая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" выказала шкадаванне з нагоды ўзмацнення ціску на беларускія СМІ з набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі.

Арганізацыя нагадвае пра афіцыйныя папярэджанні, міліцэйскія рэйды і падаткавыя праверкі, якія сведчаць пра тое, што свабода прэсы ў Беларусі знаходзіцца ў небяспецы,

"Рэпарцёры без межаў" адзначаюць, што пасля двух папярэджанняў незалежныя газеты "Наша ніва" і "Народная воля" могуць быць зачыненыя згодна новага Закона "Аб СМІ".

Таксама яны нагадваюць пра сёлетнія міліцэйскія акцыі ў рэдакцыі "Народнай волі", у выніку чаго ў журналістаў былі адабраныя кампутары, а саміх супрацоўнікаў выдання шматкроць выклікалі на допыты ў межах расследавання крымінальнае справы аб паклёпе на высокапастаўленых чыноўнікаў спецслужбаў.

Независимые газеты Беларуси
Улады Беларусі баяцца незалежнай інфармацыіФото: Bymedia

"Рэпарцёры без межаў" занепакоены таксама іншымі праблемамі, з якімі сутыкаюцца беларускія журналісты, Гэта забарона на супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, а таксама фактычная забарона на прафесію для фрылансераў.

Арганізацыя таксама выказвае заклапочанасць з нагоды ствараемых перашкодаў і ціску з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў на карэспандэнтаў незалежных медыяў, якія асвятлялі дзейнасць грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!".

Умовы для ўступу ў Раду Еўропы

Як заявіў у Мінску 20 жніўня намеснік старшыні Камітэту па замежных справах, абароне і бяспецы Сенату Чэхіі Томаш Ірса, ягоная краіна вельмі жадала б бачыць Беларусь у складзе Рады Еўропы. Гэта чэшскі парламентар сказаў на сустрэчы з кіраўніком Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Нінай Мазай.

Спадарыня Мазай адзначыла, што беларускія парламентары гатовыя зрабіць свой унёсак у працэс наладжвання двухбаковых стасункаў. Томаш Ірса ў сваю чаргу падкрэсліў, што ў Радзе Еўропы актыўна абмяркоўваецца пытанне ўступлення Беларусі ў гэтую еўрапейскую арганізацыю.

Але, па словах спадара Ірсы, Беларусі неабходна на юрыдычным узроўні вырашыць праблему ўжывання смяротнага пакарання, а таксама правесці справядлівыя выбары. Дзеля апошняга, як падкрэсліў Томаш Ірса, дастаткова хаця б запрасіць прадстаўнікоў апазіцыі ў склад выбарчых камісіяў.

Адмова ў рэгістрацыі

#b#Улады чарговым разам адмовілі ў дзяржаўнай рэгістрацыі Праваабарончага аб’яднання "Берасцейская вясна". Гэтая структура спрабуе зарэгістравацца ад 2006 году. Раней, паводле чыноўнікаў, у дакументах на рэгістрацыю меліся пэўныя памылкі, што рабілася прычынаю для адмовы ў легалізацыі дзейнасці праваабаронцаў.

Але пасля выпраўлення недахопаў чыноўнікі знайшлі новыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі. Па словах кіраўніка Рады арганізацыі Уладзіміра Вялічкіна, прадстаўнікі ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкаму сцвярджаюць, адзін з заяўнікаў "Берасцейскай вясны" нібыта недакладна ўказаў адрас свайго пражывання.

Як мяркуе віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ) Алесь Бяляцкі, у такіх рашэннях уладных структур крыецца не юрыспрудэнцыя, а палітыка ў дачыненні да праваабаронцаў. На думку Бяляцкага, гэта пэўная адзнака іх актыўнасці на праваабарончай ніве, бо беларускія ўлады не прызнаюць праваабаронцаў. "Улады, на жаль, не гатовыя да цывілізаванага дыялогу", - адзначае віцэ-прэзідэнт МФПЧ Бяляцкі.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня

Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще