1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Знішчэнне магіл "Арміі Краёвай": Лукашэнка ваюе з мёртвымі?

11 июля 2022 г.

Паміж Беларуссю і Польшчай разгараецца чарговы скандал, на гэты раз звязаны са знішчэннем пахавання салдат "Арміі Краёвай" у вёсцы Мікулішкі Гродзенскай вобласці. Што пра гэта вядома?

https://p.dw.com/p/4Dy4m
Магіла польскага салдата
Магіла польскага салдатаФото: DW/V. Prychid

4 ліпеня прадстаўнік Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) Марэк Занеўскі паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што зраўнялі з зямлёй могілкі салдат "Арміі Краёвай" у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. У Варшаве заявілі, што знішчэнне пахавання нагадвае "самыя змрочныя старонкі гісторыі камунізму". У той жа час МЗС Беларусі заявіла, што ў Мікулішках "воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана".

Рэакцыя афіцыйных Варшавы і Мінска

У канцы чэрвеня МЗС Польшчы выказала занепакоенасць у сувязі з апаганьваннем магіл польскіх салдат у Беларусі, у асноўным, у Гродзенскай вобласці. Узгадвалася знішчэнне польскіх надмагілляў і помнікаў у Багданах, Бабровічах, Дындылішках, Іўі, Ашмянах, Ёдкавічах. Асаблівае абурэнне ў Варшаве выклікала знішчэнне магіл салдат "Арміі Краёвай" у Мікулішках, пра якое стала вядома 4 ліпеня. МЗС Польшчы назваў гэта "ганебнай падзеяй" і абвінаваціў беларускія ўлады ў невыкананні абавязанняў у дачыненні памятных месцаў на сваёй тэрыторыі. "Гэта нагадвае самыя змрочныя старонкі гісторыі камунізму, і, зважаючы на ранейшыя паведамленні пра спусташэнне польскіх ваенных пахаванняў, нельга ўспрымаць гэта інакш як мэтанакіраваную акцыю дзеля далейшага пагаршэння ўзаемаадносінаў паміж Польшчай і Беларуссю", - гаворыцца ў заяве.

Між тым была і рэакцыя афіцыйнага Мінска. 7 ліпеня ў МЗС Беларусі "ў сувязі з нематываванай занепакоенасцю польскага боку сітуацыяй з месцам паблізу вёскі Мікулішкі" быў выкліканы Часовы Павераны ў справах Польшчы Марцін Вайцяхоўскі. Як паведамляецца на старонцы ведамства ў Facebook, дыпламату было растлумачана, што, паводле інфармацыі мясцовых органаў улады, "на тэрыторыі гэтага населенага пункта воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных ваеннаслужачых не зарэгістравана": Законнасць правядзення работ па ўладкаванні тэрыторыі дадаткова пацверджана Генеральнай пракуратурай і грунтуецца на атрыманні дадзеных аб адсутнасці чалавечых рэштак і іншых перашкаджаючых фактараў".

Хто быў пахаваны ў Мікулішках?

"Тое, што там пахаваныя польскія салдаты, было вядома заўсёды, у тым ліку, і ў савецкія часы. Каб сцвярджаць адваротнае, беларускія ўлады павінны былі б правесці эксгумацыю, нейкія працэдуры, чаго зроблена не было, проста было знішчана гэтае месца і насыпана гара пяску, - адзначыў у гутарцы з DW прадстаўнік СПБ Марэк Занеўскі. - Мы заўсёды сачылі за месцамі, дзе ляжаць нашы продкі. Гэтае пахаванне заўсёды выглядала належным чынам. У першую чаргу, яго даглядалі мясцовыя жыхары".

Польскія салдаты "Арміі Краёвай"
Польскія салдаты "Арміі Краёвай"Фото: picture-alliance/akg-images

Занеўскі сцвярджае, што гэта не першая атака на польскія месцы памяці і пахаванні на тэрыторыі Беларусі. Актывіст занепакоены, што падобныя выпадкі прадоўжацца. 8 ліпеня Занеўскі паведаміў аб знішчэнні пахаванняў салдат АК у Ваўкавыску, а польскі тэлеканал "Белсат" напісаў аб знясенні крыжоў на магілах каля вёскі Качычы Карэліцкага раёна. "На вайсковых могілках каля Мікулішак на Ашмяншчыне пахаваныя байцы польскай "Арміі Краёвай", якія загінулі падчас баёў у гэтых мясцінах напрыканцы нямецкай акупацыі Беларусі. У асноўным яны загінулі ў 1944-м у баях з нямецкімі нацыстамі і падкантрольнымі ім літоўскімі фармаваннямі, і толькі некалькі чалавек з пахаваных тут былі забітыя савецкім НКУС", - каментуе беларускі гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Іншыя месцы памяці таксама пад пагрозай?

Паводле яго слоў, такіх пахаванняў шмат у Заходняй Беларусі, у цэлым яны знаходзяцца ў добрым стане, бо магілы даглядаюць прадстаўнікі польскай абшчыны, таксама гэта заўсёды падтрымлівала польская дзяржава. "Беларускія ўлады адносна гэтых пахаванняў звычайна трымалася нейтралітэту – самі іх упарадкаваннем не займалася, але і не асабліва заміналі клапаціцца пра іх іншым. Тым больш што было міждзяржаўнае пагадненне аб ахове пахаванняў і месцаў памяці ахвяраў войнаў і рэпрэсіяў, падпісанае паміж Беларуссю і Польшчай у 1995 годзе. Супраць жывых польскіх актывістаў з таго часу рэпрэсій было нямала, але ад шырокамаштабнай вайны супраць мёртвых на дзяржаўным узроўні ўсё ж устрымліваліся”, - кажа гісторык.

Цяперашняе разбурэнне польскіх мемарыялаў Пашкевіч звязвае з жаданнем уладаў хоць неяк дапячы палякам, якія займаюць непрымірымую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. "Супраць тых, каго ўлады лічаць сваімі асабістымі ідэйнымі ворагамі, яны дэманструюць абсалютную гатоўнасць дзейнічаць максімальна жорстка і бязлітасна. Пад рэпрэсіі могуць патрапіць абсалютна любыя пахаванні, помнікі ці гістарычныя аб’екты, прытым сакральна важныя не толькі для палякаў ці літоўцаў, але і нацыянальна арыентаваных беларусаў", - занепакоены эксперт.

Генпракуратура Беларусі супраць АК

"Армія Краёва" - створаная з ячэек супраціўлення ў 1942 годзе на тэрыторыі акупаванай у 1939 годзе нацысцкай Германіяй Польшчы добраахвотніцкая армія, да якой далучыліся сотні тысяч чалавек. У посткамуністычнай Польшчы афіцыйна шануюць "Армію Краёву". А беларускія ўлады прыраўнялі яе салдат да "фашысцкіх злачынцаў". 9 красавіка 2021 года ў РБ была ўзбуджана крымінальная справа супраць былых байцоў "Арміі Краёвай" па факце "генацыду беларускага народа" падчас Другой сусветнай вайны. Праз месяц кіраўнік Генпракуратуры Андрэй Швед у эфіры дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь 1" заявіў аб першых выніках расследавання. Паводле яго, устаноўлены звесткі аб яшчэ "жывых нацысцкіх злачынцах", у першую чаргу, з ліку ваеннаслужачых "літоўскіх батальёнаў СС і польскай "Арміі Краёвай".

Абсурдным называе параўнанне польскіх байцоў "Арміі Краёвай" з нацыстамі польскі гісторык Януш Маршалец. Асобныя выпадкі злачынстваў, учыненых тымі, хто быў у шэрагах "Арміі Краёвай", задакументаваны. Да гэтага адносяцца і забойствы яўрэяў, і "акцыі адплаты" супраць "віленскіх брыгад", ахвярамі якіх сталі мірныя жыхары Літвы. "Гэта, безумоўна, кідае цень на "Армію Краёву". Але нічога не вядома пра падобныя злачынствы ў Беларусі", - кажа Маршалец.

Па словах Аляксандра Пашкевіча, у большасці беларусаў было стрыманае стаўленне да АК: ва ўсходняй частцы краіны, дзе "Армія Краёва" падчас Другой сусветнай вайны не дзейнічала, большасць людзей амаль нічога пра яе не ведалі і мелі стэрэатыпнае ўяўленне, у тым ліку, сфармаванае дзяржпрапагандай. "На захадзе Беларусі, вядома, пра "Армію Краёву" ведалі больш, тут яе гісторыя часта перапляталася з гісторыяй сямейнай, і нямала залежала ад таго, якія менавіта ўспаміны пра польскае падполле захавалі продкі. У цэлым беларускае грамадства за сваіх герояў байцоў  "Арміі Краёвай" не лічыла, і наўрад ці стане лічыць цяпер. Але ў дзяржаўнай прапаганды наўрад ці атрымаецца змяніць стрыманае стаўленне на ўсеагульную нянавісць", - перакананы Пашкевіч.

Глядзіце таксама: 

О забытом Тростенце - в мобильном приложении

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще