1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Святлана Курс: "Я веру ў перамогу дабра над злом"

29 ноября 2023 г.

Інтэрв'ю DW з пісьменніцай пра беларускую вёску, жыццё і працу ў Польшчы, вайну ва Украіне і яе ўплыў на Беларусь. А таксама пра тое, чаму Святлана Курс больш не слухае музыку Барыса Грабеншчыкова.

https://p.dw.com/p/4ZZih
Святлана Курс
Святлана КурсФото: DW

Кожны месяц DW Беларусь просіць беларусаў і беларусак падзяліцца пазітывам. Сёння ў рубрыцы "Добры лістапад" Святлана Курс, яна ж культавая сучасная беларуская пісьменніца Ева Вежнавец.

За сваю кнігу "Па што ідзеш, воўча?" Святлана Курс атрымала прэмію Гедройца ў 2020 годзе. А напачатку 2023 года кніга выйшла на нямецкай мове і патрапіла ў шортс-ліст Міжнароднай прэміі за сучасную замежную прозу ў Германіі. Мы сустрэліся з пісьменніцай у Кёльне, куды яна прыехала, каб выступіць перад чытачамі.

"Беларусь – прыўкрасная жанчына"

DW: Святлана, вы прыехалі ў Кёльн, каб немцам распавесці пра Беларусь альбо каб сустрэцца з беларусамі, якія тут жывуць?

Святлана Курс: Шчыра кажучы, я прыехала, каб убачыць Нямеччыну, Кёльн, славуты сабор і каб па дарозе палюбавацца не пекную і фантастычную краіну, амаль што раздзетую да перадзім’я. Толькі невялікія чырвоныя лісткі драпежаць цяпер на дрэвах. І ўсё гэта задавальненне я мела, таму што мой аўтобус з Варшавы спазняўся на шэсць гадзін. Я ехала цэлыя суткі. Я бачыла Нямеччыну ва ўсёй яе красе – удзень, уначы. Дзевяць вялікіх гарадоў. Такое ўражанне, што гэта падарунак.

- Вы ўмееце ў не вельмі добрай сітуацыі ўбачыць штосьці пазітыўнае.

- Гэта звычайная жыццёвая сітуацыя, якая дае шмат шанцаў - пазнаёміцца з краінай, з людзьмі, пазлавацца трохі, сарваць злосць на кім-небудзь, атрымаць моцныя ўражанні. Кепскія ўражанні самыя моцныя, яны даўжэй запамінаюцца і цягнуць за сабой добрыя ўспаміны, яны важныя.

- Гераіня вашай кнігі таксама едзе ў аўтобусе, толькі ў адваротным накірунку - з Германіі праз Польшчу ў Беларусь, каб пахаваць сваю бабулю. А што вас звязвае з Нямеччынай?

- Перш за ўсё - мая любімая нямецкая мова. Я вучыла яе ва ўніверсітэце і ў школе. У мяне яна была на ўзроўні С1. Цяпер яе ўжо няма, але я маю раскошу ўспамінаць выразы і словы. Калі я бачу вывескі, я амаль усё разумею. І вось я ў гэтай стыхіі знаходжуся, і мне весела, радасна. Дзяцінства, юнацтва прыходзіць на думку, мае выкладчыкі, якія былі вельмі забаўнымі.

- Менавіта на нямецкай мове ў лютым 2023 года выйшаў першы пераклад кнігі "Па што ідзеш, воўча" ("Was suchst du, Wolf"). Ён ўвайшоў у шорт-ліст Міжнароднай прэміі за сучасную замежную прозу ў Германіі. У журы сказалі, што ў кнізе паказаная гісторыя гвалту 20 стагоддзя. То бок Беларусь – гэта пра гвалт, боль, пераадольванне?

- У тым ліку і… Нельга засяроджвацца толькі на болю, гвалту і на памяці пра гэта. Мы б не любілі Беларусь, калі б гэта была проста бітая жанчына з сінякамі. Мы любім Беларусь яшчэ за тое, што яна такая прыўкрасная жанчына.

"Чалавеку патрэбна натхненне, цуды і радасць"

- А як бы вы зараз апісалі, у якім стане Беларусь знаходзіцца?

- Гэта занадта балюча апісваць. Гэтыя людзі робяць усё, каб стаптаць чалавечую годнасць. Зараз адбываецца самая сапраўдная інферналія, свята зла. Вось нядаўна кадэбэшнік нібыта зрабіў маленькую штучку, падвёў усіх людзей, і з якой радасцю, з якой сатысфакцыяй ён раптам з’яўляецца на сцэне, як быццам бы гэта быў сам Люцыфер. Пра гэты глум, маніфестацыю нізасці вельмі цяжка гаварыць. Але, як мы ведаем дакладна, бог паругаем быць не можа, а годнасць чалавека патаптаная быць не можа да таго моманту, пакуль ён у сабе яе мае.

Ты можаш быць збітым, пакалечаным, ты можаш прамаўляць навязаныя табе словы ў камеру. Але пакуль ў цябе ўнутры гарэць аганёк веры, дабра, любові, справядлівасці, нязгоды на зло, датуль ты чалавек.

- Давайце пагаворым не пра зло, а пра прыгажосць. Яна адчуваецца ў гэтай кнізе, калі вы размаўляеце пра вёску, бабулю, прыроду. Вёска, з якой вы родам, усё яшчэ існуе?

- Вёска, з якой я паходжу, зусім дзікая. Потым мы пераехалі ў больш значную па памерах вёску, дзе болей людзей, і тая яшчэ жыве. Але вось тая, пракавечная, старая, якая апісана яшчэ ў 16 стагоддзі, я не ведаю, як яна цяпер жыве. Мне б вельмі хацелася туды паехаць, таму што я ўпэўненая, што там будзе лятаць вельмі многа паганскіх духаў, фігуральна, канешне, кажучы. І што там мяне чакае вельмі шмат прыгожага. Ведаеце, калі я хаджу там, дзе жыў мой род усё сваё жыццё, у ваколіцах 30 кіламетраў у Любенскім раёне, мне здаецца, я гэтыя сцэны бачу. Я адчуваю, што пад гэтым дрэвам, магчыма, навязвалі коней. Таму што яны мне ўяўляюцца. Вось тут яўна мог нехта сам сябе забіць. Таму што там вельмі цяжкая энергетыка. Я гэта ўсё не містыкай тлумачу. А проста, калі чалавек жыве недзе пакаленнямі, у ім развіваюцца інтуіцыя і вочы душы. Мая вёска, можа, і не вельмі шчасліва жыве - то бокам, то скокам. Але гэта месца, дзе вельмі шмат дзіваў, цудаў. А чалавеку не столькі патрэбна шчасце, колькі патрэбна натхненне, цуды і радасць.

"Зараз адбываецца свята зла"

- Апошні раз вы былі ў Беларусі чатыры гады таму. Зараз немагчыма паехаць у родную вёску. Як вы гэта перажываеце?

- Перапрацоўваю ў сабе гэты боль. Думаю пра ўкраінскіх жаўнераў, напрыклад, якія зараз у палоне, ці пра нашых палітвязняў, ці пра мацяроў забітых нашых хлопчыкаў. Мой боль у параўнанні з іхнім - гэта не боль. Трэба з пакорлівасцю прымаць сваю долю і адказнасць за тое, што ты рабіў. Таму што мая немагчымасць паехаць у Беларусь ёсць наступствам і сумай таго, што я рабіла ўсё сваё жыццё. І калі за гэта трэба адказваць, то, калі ласка, я адкажу. Ну, і ведаеце што, я не адчуваю сябе глыбока няшчасным чалавекам, таму што чалавек заўсёды там, дзе ён жыве, заўсёды можа знайсці для сябе рэсурсы. Дзякуй дарагой Польшчы. У Польшчы я маю рэсурсы, і ў Польшчы я маю дастаткова шмат Беларусі.

Кніга Евы Вежнавец у перакладзе на нямецкую мову
Кніга Евы Вежнавец у перакладзе на нямецкую мовуФото: Paul Zsolnay Verlag

- Вы ўзгадалі ўкраінскіх жаўнераў. Як вы лічыце, чым скончыцца вайна Расеі супраць Украіны?

- Я не ведаю. Раней ведала, цяпер не ведаю. Я ніколі не думала, што будзе столькі чыннікаў. Я ніколі не думала, што такім слабым будзе заходні свет. Ён мог бы вырашыць сітуацыю хутчэй. Але яны баяцца дабіваць Расею, таму што дабітая Расея невядома яшчэ чым і кім нам абернецца. Мне вельмі шкада тых людзей, якія вымушаныя прымаць рашэнні. Асабліва мне шкада прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, які так счарнеў і пастарэў, які відавочна траціць надзею.

Сусветнае зло ажывілася і абрадавалася, папудрыла носікі і бяжыць на баль. Я не ведаю, чым гэта скончыцца. Але трэба прымаць правільны бок гісторыі. А ён не з тымі, хто выйграў, а з тымі, з кім ты згаджаешся. Мне абсалютна не па дарозе з гвалтоўнымі дыктатарскімі рэжымамі, у тым ліку тэакратычнымі. Мне ад іх бляваць верне. І таму я лепей буду з тымі, хто можа выглядаць нерашучым і непаслядоўным. Таму што свабодны чалавек заўсёды нерашучы і непаслядоўны. Ён заўсёды мучамы і пхаемы ва ўсе бакі сумневамі. А вось фанатыку ўсё ясна заўсёды. І гэта некаторыя прымаюць за сілу. А сумневы і дэмакратычнасць – за слабасць. Але на самой справе, калі мы ўспомнім гісторыю Еўропы, гэта гісторыя чаго заўгодна, але не слабасці. Еўропа моцная, я ў яе веру. Таму ўсё ж такі, разважаючы, я скажу, што я веру ў перамогу дабра над злом. Як бы гэта наіўна, глупа, патасна не гучала.

"Беларусы ўсе экзамены паздавалі"

- Як перамога Украіны можа паўплываць на тое, што далей будзе адбывацца ў Беларусі?

- Калі Украіна пераможа, то рэжым Лукашэнкі, безумоўна, скончыцца. У Расеі пачнецца смута. У Расеі пачнуцца яе вечныя рэчы, калі брат ідзе на брата з калом. А мы можам хуценька з гэтага возу саскочыць і пабегчы далёка-далёка, каб яны нас больш ніколі не дагналі. Каб ніхто не прыязджаў і не камандаваў нам, што нам пісаць у нашым метро, як нам вучыць нашых дзяцей, каб ніхто не саджаў нам дурняў у начальства, а нашых найлепшых сыноў і дачок не саджаў у турмы і не забіваў. І мы станем гаспадарамі ў сваім доме, чаго мы даўно заслужылі. І да чаго мы ўжо даўно гатовыя. Мы ўсе экзамены паздавалі. Цяпер нам пара жыць у сваім доме.

- Калі з'явіцца магчымасць паехаць у Беларусь, куды вы паедзеце ў першую чаргу?

- Дахаты ў вёску адразу паеду, бацькоў убачу, сабаку Цімошку. Канешне, сустрэнуся са сваімі землякамі. Ходзяць чуткі, што ім не падабаецца мая кніжка. Я хачу канфрантавацца з імі тварам да твару і паслухаць, што яны хочаць мне сказаць.


Глядзіце таксама:

Кніга Евы Вежнавец - намінант прэстыжнай прэміі ў Германіі

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме