1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Руся пра Лукашэнку: ''Тыран, які ''кастрыруе'' мужчын''.

17 мая 2021 г.

У эксклюзіўным інтэрв’ю DW спявачка, вакалістка гурта Shuma, "голас" менскага вакзалу і вакальная іміджмэйкерка Руся распавядае пра сітуацыю ў Беларусі, пра тое, з кім ходзіць цяпер на спатканні, і пра сваю сям’ю.

https://p.dw.com/p/3tO6I
Cпявачка Руся
Cпявачка РусяФото: DW

DW: Пераезд у Кіеў быў для цябе нечаканым?

Руся: Год назад я не думала пра тое, што апынуся ў Кіеве. Канешне, час ад часу, калі палітычная сітуацыя была напружанай, я думала пра тое, што колькі гэта можа цягнуцца. Можа, ужо не дам рады трываць гэта ўсё і трэба кудысьці паехаць. І калі - пэўна, як і кожнага беларуса - гэтыя думкі мяне сустракалі, я разглядала Кіеў, бо гэта блізка дому. Мне па-шчырасці страшна з’ехаць кудысьці далёка і згубіць канэкт з беларускім кантэкстам. А тут блізенька дадому, калі што, заўсёды можна скокнуць, падобныя мовы. Дарэчы, што тычыцца мовы: апынулася, што ў Кіеве я гавару па-беларуску значна больш часта, чым дома. Гэта так цікава. Таму што тут вельмі многа людзей, якія гавораць на ўкраінскай мове, і для іх значна прасцей стасавацца, калі беларусы размаўляюць па-беларуску. Такі вось прыемны бонус пераезду.

- Чаму ты з’ехала?

- Мой пераезд адбываўся вельмі спантанна. Да пачатку жнівеньскіх падзеяў я працавала з палітычнымі штабамі нашых апазіцыйных лідараў. На офісах засталіся запісы Zoom. Усім нам вядома, як кожнае слова нашая нелегітымная ўлада можа перабрахаць - і чалавек проста апынецца ў турме.

Я, шчыра кажучы, моцна перапужалася, і калі пачаліся ператрусы і вобшукі ў актывістаў штаба, я вырашыла, што трэба з’язджаць. Забрала дачку, сваю маці - і вось мы ўтрох тут.

- Колькі ў цябе было часу, каб спакаваць валізкі?

- Гэта адбылося вельмі хутка. У мяне не было часу, каб развітацца з блізкімі і сябрамі, каб прайсціся па вуліцах, падыхаць горадам. Не, гэта заняло 24 гадзіны. Мы проста па інтэрнэце купілі па вялізнай валізцы для кожнай з нас, запакаваліся і зляцелі апошнім самалётам, які яшчэ мог даставіць нас ва Ўкраіну перад першым локдаўнам.

- Як ты ўладкавалася ў побытавым плане?

- У побытавым плане тут усё нармальна. Толькі што вельмі дорага. Чамусьці калі я прыязджала сюды проста да сяброў на тусовачкі, у мяне было такое памылкова меркаванне, што нібыта ў Кіеве жыццё таннейшае, чым у Менску. Апынулася, што ў два, амаль што ў тры разы даражэй, і гэта было фінансава цяжка пацягнуць.

Руся на Mirum Music Fest - 2015
Руся на Mirum Music Fest - 2015Фото: SHUMA @ MIRUM MUSIC FEST 2015

Тым больш што я адна, хто ўтрымлівае маю сям’ю - маці і дачку. Гэта адзіная такая складанасць. А так, што тычыцца побыту, то тут можна арганізаваць сабе ўсё, што заўгодна: і адпачынак, які хочаш, і ежу, якую хочаш. Адзінае, што трэба значна болей працаваць, чым дома.

- Табе падабаецца ў Кіеве?

- Калі я толькі пераехала ў Кіеў, і дагэтуль ёсць такое пачуццё, што я нібыта ў залі чакання на вакзале, бо я не разумею, як доўга я тут буду жыць. Там у Беларусі ў мяне былі свае планы. Але неяк я з сабой дамовілася. Я вось сядзела разважала, гледзячы на тое, як сонца заходзіць. Так было прыгожа, такі прыгожы вечар, і думаю: а вось што я так тармажу, ну куплю я сабе нешта ў дом, новую коўдру ці канапу, буду жыць тут і цяпер, а то магчыма заўтра інсульт ці нешта такое, і мяне не стане - навошта адкладаць жыццё? І вось так мне ўдалося з сабой дамовіцца. І цяпер гэтае рашэнне ўнутранае дапамагае мне менш адчуваць вось гэтае жыццё ў залі чакання. Я адчуваю, што тут я пускаю так акуратненька карані.

- Цябе гэта не пужае?

- Пужае тое, што дома не канчаецца ніяк нашая сітуацыя. І колькі б мы не рабілі, усё адно прагрэс такі павольны. А тое, што я тут пускаю карані - не. Мне пачынаць не страшна. Калі пішацца альбом ці нешта такое ствараецца, я вельмі добра крэатыўлю нейкія рэчы, а потым ужо мне цяжка гэта працягнуць. Так што пускаць карані там, дзе я жыву, - гэта, пэўна, такая мая фішка. Не страшна.

- У цябе бывае пачуццё віны?

- Пачуццё віны было ў мяне даволі актыўнае, калі я толькі пераехала. І пачуццё віны, і страху, і адчаю, і такой разгубленасці, таму што незразумела, як у гэтым нервовым стане працаваць, а мая праца звязана выключна з тым, наколькі добра я сябе адчуваю. Калі я збалансаваная, я магу працаваць з людзьмі, займацца творчасцю. Калі гэты баланс парушаны, то сям’я не мае грошай на тое, каб есці.

І я брала дапамогу псіхатэрапеўтаў для таго, каб прапрацаваць гэтае пачуццё віны. Шмат пра гэта думала і працавала з гэтым, але, у рэшце рэшт, у мяне атрымалася гэтае пачуццё віны перафарміраваць у пачуццё вялікай прадуктыўнасці. Любую сваю складаную эмоцыю мы можам выкарыстоўваць як агонь, як бензін для нечага іншага.

- На тваю думку, чаму жанчыны так актыўна праявілі сябе ў пратэстах?

- Я вельмі люблю псіхалогію, псіхааналіз - вось усе гэтыя схемы, як працуе нашае мысленне і ўзаемадзеянне паміж людзьмі. Калі гаварыць мовай псіхааналізу і псіхалогіі, то ў нас сітуацыя выглядае наступным чынам: ёсць такі тыран, дыктатар, які сабой уяўляе такую агрэсіўную альфа-фігуру. І ён папросту "кастрыруе" мужчынскую частку насельніцтва. Таму як бы моцна мужчыны не намагаліся ў Беларусі сябе праявіць, зрабіць кар’еру, усё адно гэты тыран стаіць над імі і рубіць усё. У нас мужчынам вельмі цяжка ўвогуле пабудаваць сябе як маскулінную фігуру. Жанчыны ў нас альфачкі. Проста жанчыны мацнейшыя тупа з-за таго, што галоўная гэтая фігура так падаўляе мужчынскае насельніцтва. У мяне такая тэорыя.

Што з намі зрабіў 2020 год?

- 2020 год вельмі моцна нас параніў. І мне падаецца, што гэты боль і раны будуць яшчэ, як пасля вайны, не адно пакаленне загойвацца. З пазітыўнага што адбылося - гэта тое, што мы даведаліся сябе існых, бо дагэтуль жылі нібыта ў тумане.

Гурт Shuma на Vulica Brasil
Гурт Shuma на Vulica BrasilФото: Andre Kravchenko

У 2020 годзе ўсё моцна змянілася, і цяпер я адчуваю, як змянілася беларуская ідэнтычнасць. Калі вярнуцца да гэтай сітуацыі з пункту гледжання псіхааналізу, што ёсць такі тыран, які "кастрыруе" мужчын, з гэтага пункту гледжання мы проста вымушаныя давесці гэтую справу да канца, каб урэшце змянілася гэтая мадэль жаноча-мужчынская, каб яна стала здаровай, а не такой, якая яна ёсць цяпер.

- Адкуль твая цікавасць да псіхалогіі?

- Я ўпершыню звярнулася да псіхатэрапеўта, калі ў маім жыцці быў складаны развод з мужам. І гэта было так невыносна трываць, я разумела, што ўсё, мне ўжо капец, трэба пайсці і разабрацца, што гэта такое. Дагэтуль займаюся тэрапіяй. Я звычайна звяртаюся, калі ў мяне нейкія крызісныя сітуацыі, каб хуценька гэта разабраць і прайсці з мінімальнымі стратамі.

- У цябе быў прыклад здаровай сям’і?

- Я вырасла ў сям’і, дзе бацька быў алкаголікам і вельмі хутка кінуў сваю сям’ю, таму гэта, канешне, адбілася на маіх стасунках з мужчынамі, як я будую гэтыя стасункі. Гэта такая мая зона мінус. Але ў астатнім, напрыклад, я не адчуваю канкурэнцыі паміж жанчынамі, я не мізагінная жанчына, якая кожную прыгожую ненавідзіць і падазрае. У мяне маці вельмі шчырая, адкрытая, поўная любові жанчына, і яна навучыла мяне дзвюм вельмі важным рэчам: паважаць іншых жанчын і кайфаваць ад жыцця, што б ні было.

- Як асабістае жыццё ў эміграцыі?

- Маё асабістае жыццё ў Кіеве напачатку было пастаўленае на паўзу недзе палову года, пакуль я пасля пераезду прыйшла ў сябе, пачала зноў адчуваць сябе жывой, сексуальна прыгожай і ўсё такое. Цяпер ужо вясна, грае гармон, так што хаджу на спатканні з кіеўскімі хлопцамі, вельмі класныя мужчыны. Але такога, каб там нейкія зноў адносіны завесці, будаваць сям’ю з мужчынай - не, гэтага няма, і па-шчырасці не ўпэўненая, ці гэта мне трэба.

Раней, калі я разводзілася з мужам, я так моцна баялася, думала: нікога не змагу пакахаць, ніколі ў мяне не будзе стасункаў. Яны былі і ёсць, я адчула кайф жыцця сінгла, калі ўсё тваё жыццё належыць толькі табе, калі ты не абслугоўваеш патрэбы твайго партнёра. I мне падаецца, што мой ідэальныя варыянт - гэта так званыя friends with benefits.

 - Як не з’ехаць з глузду ў эміграцыі?

- Я лічу, што трэба стасавацца з людзьмі. Я заўсёды кажу пра тое, што чалавек чалавеку найлепшы доктар. Што як бы ні было сорамна і страшна звяртацца за дапамогай, трэба браць сябе ў рукі і ісці прасіць дапамогі. Напісаць у інстаграме, што мне фігова, мне падаецца, што я ўжо хутка з’еду з глузду, ці можа са мной хто пагаварыць. І абавязкова знойдуцца людзі, асабліва беларусы, якія прыедуць і чарачку нальюць, і паплачуць з табой, і пагавораць, і "Нехту" вы разам палістаеце. Трэба проста стасавацца. Калі няма магчымасці хадзіць да тэрапеўта - гэта, канешне, самы хуткі шлях да таго, каб прыйсці ў баланс.

- Руся, калі нам чакаць перамогі?

- Я не ведаю, я не паліттэхнолаг, і мне цяжка сказаць. Я рада, што нас не пакідае вера і адчуванне перамогі, і што якія б ні былі дэпрэсіўныя ямы, дні недаверу і расчаравання, усё адно ў кожнага беларуса ёсць гэтая партызанская фішка - ведаць, што загляне сонца і ў наша ваконца.

Глядзіце таксама:

Протестная весна в Беларуси: чего боится Лукашенко?

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще