1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Разгадка беларускага рэбуса ляжыць у Крамлі. Меркаванне

Jauhien Valoshyn - belarussischer Journalist
Яўген Валошын
7 октября 2021 г.

У каментары для DW журналіст Яўген Валошын разважае пра нечаканыя матывы, чаму Крэмль падтрымлівае Лукашэнку і калі ў беларускім палітычным крызісе можа адбыцца чарговая эскалацыя.

https://p.dw.com/p/4168c
Belarus Minsk | West-2021, Gemeinsames Militärmanöver Russland & Belarus
Фото: Anadolu Agency/picture alliance

Адмыслова для рубрыкі DW "Беларусь. Перспектывы" Яўген Валошын напісаў пра тое, чым беларускі крызіс адрозніваецца ад Польшчы 80-х гг. і наколькі далёка можа зайсці рэжым Лукашэнкі. Абмеркаваць яго развагі можна пад адпаведным пастом у Telegram-канале "DW Беларусь".

Пратэстныя тэлеграм-каналы падбадзёрваюць беларусаў з-за мяжы, што ўсё ў руках народу, што адбудзецца агульнанацыянальная стачка – і рэжым пачне рассыпацца. У прыклад прыводзяць Польшчу 80-х. Але там шмат што было па-іншаму: моцны ўплыў меў каталіцкі касцёл, офісы "Салідарнасці" легальна-паўлегальна функцыянавалі проста ў гарадах, а сотні тысяч актыўных палякаў былі сістэмна ўцягнутыя ў пратэстны рух. Даваў шчыліну Берлінскі мур, а ў СССР адбывалася перабудова… Часы былі іншыя.

У сённяшняй Беларусі любая спроба абмеркаваць стачку з калегамі па прадпрыемстве заканчваецца адпраўкай у СІЗА КДБ. У Беларусі за любы піск і надпіс на сцяне саджаюць як за забойства па неасцярожнасці. Шмат што сёння інакш, чым у Польшчы канца 80-х.

Прагматычныя беларусы ўнутры краіны ўжо не спадзяюцца на стачкі і забастоўкі. Рашучыя дзеянні былі магчымыя ў жніўні 2020 года, але не цяпер. Народ узяты ў жалезныя абцугі, лідары апазіцыі, якія на волі за мяжой, не набылі належнай палітычнай вагі, каб пагутарыць з Пуціным. Эканоміка так і не абрынулася, хоць і прасаджваецца з той доляй плаўнасці, каб да гэтага можна было прызвычаіцца. Прычынай адсутнасці фінансавага калапсу называюць чарговы "эканамічны цуд", звязаны з кавідным падвышэннем коштаў на лес і іншую сыравіну ва ўсім свеце. Але яшчэ больш важкім фактарам "цуду" можа быць Расея, якая, імаверна, таемна дапамагае беларускаму рэжыму фінансамі. Таму што цудаў – не бывае.

Усё прапала?

Беларуская рэвалюцыя выглядала б крайне змрочна, калі б не наяўнасць у яе сюжэце ключавога героя – Аляксандра Лукашэнкі. Адной рукой ён робіць прэвентыўныя захады для знішчэння пратэстнай актыўнасці ў зародку (пасадкі яшчэ да выбараў-2020 лідараў апазіцыі Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча). Другой рукой ён сам стварае трыгеры да пераменаў: напісанне сабе 80% на выбарах, нелагічны, бесчалавечны гвалт у першыя дні пасля галасавання, самалёт Ryanair і гэтак далей. З аднаго боку, Лукашэнка – злы геній палітыкі, чэмпіён, які ідзе да канца. З іншага боку, ён мае вядомыя ўсім слабасці: неўтаймаванае жаданне абсалютнай улады, імкненне помсціць апаненту любой цаной.

І вось мы знаходзімся ў стадыі чарговага трыгеру, які яшчэ не дайшоў да свайго піку, – спроба арганізаваць міграцыйны крызіс на мяжы з Еўразвязам. Бесперапынная дастаўка мігрантаў, трупы праз абмаражэнне, забароненыя субстанцыі дзецям і дарослым. Усё, што шакуе сярэднестатыстычнага чалавека, для байцоў рэжыму Лукашэнкі – спосаб выйсці на новы ўзровень, каб размаўляць з ненавісным Захадам з пазіцыі сілы. І як бы цынічна гэта ні гучала, такая бесчалавечнасць дае дэмакратычнай Беларусі новы шанц.

Магчымасці цаной катастрофы

У першай палове 2010-х я працаваў рэпарцёрам, і, паводле службовай неабходнасці, меў шэраг сустрэч з высокапастаўленымі сілавікамі з розных ведамстваў. Небяспека трапіць пад уплыў такіх асоб, апынуцца на кручку была досыць высокай. Некаторыя чыны спрабавалі выкарыстоўваць журналістаў у якасці інструменту ўплыву, таму кожная такая сустрэча абмяркоўвалася з галоўнымі рэдактарамі выданняў, пралічваўся кожны крок.

Часам гутаркі набывалі нечаканы абарот. Прыгадваю, як аднойчы досыць высокапастаўлены сілавік, прамацваючы мяне, кінуў эмацыйную фразу з пагрозамі ўдарыць па Захадзе за "распаўсюд нетрадыцыйных каштоўнасцяў" (у іншых, нецэнзурных, выразах). У 2020 годзе гэты дзеяч трапіў у дамкі, прымерыў генеральскія пагоны, трапіў у трэнды, стаў набліжаным. І хоць гэты чын і ўспрымаецца сёння выключным антыгероем, трэба прызнаць, што чалавек гэты таленавіты і падступны. Выглядае, што сённяшні касцяк рэжыму складаецца вось з такіх спрактыкаваных неасталіністаў, ідэйных нашчадкаў тых, хто вынішчаў беларускую інтэлігенцыю ў Курапатах. Яркае таму сведчанне – нядаўняе выказванне былога кіраўніка Генштаба Мінабароны Алега Белаконева (сёння займае пасаду старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацбяспецы).

журналіст Яўген Валошын
Яўген ВалошынФото: Katerina Adamska

Тая непрыемная субстанцыя, якая заўжды ўсплывае наверх, дамінантна ўсплыла ў найвышэйшай іерархіі рэжыму пасля выбараў-2020, стала трэндам. У што выльецца іх непрыхаваная нянавісць да калектыўнага Захаду і як далёка гэтыя людзі могуць зайсці? Ці не адбудзецца надзвычайнае здарэнне на Астравецкай АЭС у той момант, калі вецер будзе дзьмуць у бок Вільні? Ці не пачнецца страляніна ў бок польскіх памежнікаў нібыта са зброі "байцоў ІГІЛ"? Ці не шарахнуць "выпадковай" ракетай па Украіне? У сярэдзіне 2010-х такія развагі выглядалі трызненнем.

Цi могуць сёння гэтыя фантазіі стаць рэчаіснасцю? На Захадзе дагэтуль не зразумелі, наколькі далёка можа зайсці рэжым Лукашэнкі і які ў яго патэнцыял. І калі не націснуць на пімпачку "Стоп", некаторыя краіны Еўразвязу могуць атрымаць каласальныя непрыемнасці. Але выглядае, што на Захадзе хутка забыліся пра паслявыбарчыя жахі, калі беларусаў кідалі ў турэмныя катавальні дзясяткамі тысяч, збівалі да калецтваў і засоўвалі пратэстоўцам гумовыя дубінкі ў прамежнасці. Каты засталіся беспакаранымі. Злавіўшы кураж, яны здольныя на самыя радыкальныя, нечаканыя і шакавальныя ўчынкі.

Рубрыка "Беларусь. Перспектывы"
Рубрыка "Беларусь. Перспектывы" дае магчымасць беларусам выказаць свае думкi на старонках DWФото: DW

Пры гэтым бонусы збірае Крэмль, дзе злачынствы супраць чалавечнасці называюць "унутранай справай Беларусі". Падтрымка Лукашэнкі з боку Расеі сёння – гэта не толькі боязь адпусціць малодшага брата ў Еўропу. Цяпер рукамі Лукашэнкі можна рабіць самыя цёмныя справы, у выпадку чаго спіхнуўшы ўсё на непрадказальнага партнёра. Выглядае, што разгадка беларускага рэбуса ляжыць у Крамлі, на які магчыма паўплываць.

Паўтор праверанай камбінацыі

У 2014-2015 гадах у адказ на захоп Крыму і часткі Данбасу Захад ударыў па расейскай эканоміцы санкцыямі. Паралельна абвальваліся сусветныя кошты на нафту (выглядае, што ў гэтай гісторыі ў тым ліку мела месца неабходнасць стрымлівання Крамля). Расейскі рубель абясцэніўся больш як удвая, захопніцкі імпэт быў часова прытушаны. Цяпер, каб прамацваць слабыя месцы заходняга ворага, трэба маскавацца, заграбаць жар чужымі рукамі, напрыклад, рукамі Лукашэнкі.

Рана ці позна дзейны беларускі рэжым сам падштурхне цывілізаваны свет да рашучых дзеянняў. І чым далей заходнія палітычныя бонзы будуць праяўляць пасіўнасць – тым большая імавернасць чалавечых ахвяр як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Аўтар: Яўген Валошын, журналіст

Каментар выказвае асабістае меркаванне аўтара. Яно можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і Deutsche Welle ў цэлым.

Чем закончатся военные игры Лукашенко с Путиным?

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще