1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Я крэпкі арэшак". Журналісты - пра ўмовы на Акрэсціна

Вольга Верасовіч | Катя Тейзе
28 июля 2021 г.

DW паразмаўляла з журналістамі "Радыё Свабода" і "Белсату" пра затрыманне, умовы ў турме і стаўленне да палітзняволеных.

https://p.dw.com/p/3yCbY
Belarus Minsk | Frauen Proteste | Poster
Фото: Sergei Bobylev/TASS/picture alliance

Пасля сутак на Акрэсціна на волю выйшлі журналісты "Радыё Свабода" Іна Студзінская, Алег Груздзіловіч і журналіст "Белсату" Ігар Ільяш.

Іна Студзінская: "На трэці дзень гэтыя нары ўжо не падаліся такімі жорсткімі, цвёрдымі"

Іну Студзінскую затрымалі пасля ператрусу ў кватэры 16 ліпеня. У той жа дзень сілавікі ўзламалі офіс "Радыё Свабоды" у Менску. Падчас знаходжання на Акрэсціна журналістка абвесціла галадоўку, якая доўжылася 9 дзён.

DW: Якія ўмовы былі ў камеры?

Іна Студзінская: Калі я зайшла ў камеру, першае, што я заўважыла, - прыбіральня ўсё ж была агароджаная, а не дзірка ў падлозе. Там былі нары двух'ярусныя і проста аднаярусныя, пакрытыя драўлянымі дошчачкамі. Не жалезныя, як у ЦІП, то бок у мяне былі больш камфортныя ўмовы. [...] Спачатку я была адна, таму было непрыемна. На мне былі светлыя джынсы і майка, больш нічога. Адзінае, што мне пашанцавала, калі я пайшла чысціць зубы (бо мяне рана затрымалі), я захапіла і схавала ў кішэню дарожную зубную шчотку і пасту. Астатнія чысцілі зубы пальчыкам маёй пастай.

Іна Студзінская
Іна СтудзінскаяФото: privat

- Чаму вы вырашылі пачаць галадоўку?

- Калі я ўбачыла гэтую ежу, то, шчыра кажучы, адразу расхацелася есці. Але справа была не ў тым – я спрабавала дамагчыся правілаў унутранага распарадку, бо мяне з імі не азнаёмілі. Гэтак званы "прадольны" кожныя 15 хвілін зазіраў у вочка і казаў, што нельга ляжаць на нарах. Я кажу: а дзе гэта напісана? Вось так я пачала галадоўку – пакажыце мне дакументы, чаму мяне не дапытваюць, чаму мяне не наведаў адвакат. Мабыць, там была відэакамера, таму яны пераканаліся, што я галадую. На чацвёрты дзень на вячэрняй праверцы прыйшоў капітан і пачаў мяне ветліва ўгаворваць, што здароўе перш за ўсё. Я кажу: "Вы мяне не пераканаеце, я не магу адступіцца ад прынцыпаў, я крэпкі арэшак". Праз паўзу я дадала: "Але без стальных яек". Рагаталі ўсе. Вось такія былі ўмовы. На трэці дзень гэтыя нары ўжо не падаліся такімі жорсткімі, цвёрдымі. Яшчэ раз я пераканалася, што чалавек такая істота, што да ўсяго прывыкае.

- Як адбывалася вашае затрыманне?

- Гэта было нечакана. Я чакала, што пасля "Нашай Нівы" гэта можа быць, але адзін калега мяне жартам пераканаў, што на гэтым тыдні не прыйдуць, улады занятыя няўрадавымі і праваабарончымі арганізацыямі, якіх у сераду грамілі, таму чакаем да наступнага тыдня. У пятніцу раніцай а 7:05 – я яшчэ не зусім устала, але пайшла на кухню ў начнушцы – я чую нейкі грукат – яны выламалі дзверы ў тамбур і пачалі званіць у мае дзверы. Гляджу: там цэлая хмара чорная. Натуральна, было шкада сваіх замкоў, зразумела, што ўсё адно ўвойдуць, таму я адкрыла. Потым мне суседка сказала, якая назірала, як мяне выводзілі, што іх было 8 чалавек. Двое былі ў цывільным. Граміла Валера адразу сказаў: "Ну, табе пашанцавала, да цябе прыйшоў Валера". Яны не рабілі ператрус, яны проста ўсё выкідвалі з шафаў, шуфлядаў, антрэсоляў на падлогу.

- Ці было да вас лепшае стаўленне ў сувязі з узростам (Іне Студзінскай 64 гады – Рэд.)?

- Абсалютна не. Калі былі больш-менш адэкватныя вертухаі, яны нам казалі: "Матрацы? Усім паложаны. Проста матрацаў не хапае, яны на пражарцы. Ведаеце, якая ў нас публіка бывае? Вы ж не хочаце прывезці жыўнасць дахаты?" Я не вытрымала адзін раз і кажу прапаршчыку: "Твая маці ў вёсцы вельмі ганарыцца сынам. Сын так уладкаваўся добра, ён разносіць баланду ў турме". Тут ён пачаў нецэнзурна лаяцца. [...] Мне адной пашанцавала - у чацвер, на шосты дзень, мне перадалі перадачку з рэчамі, сухафруктамі, прысмакамі. Я апранула ўсю камеру, бо месцамі было халодна і спаць непрыемна. І прысмакі мае дзяўчаты радасна з’елі.

- У вас няма цяпер думак з’ехаць з краіны?

- У мяне ўзрост, у мяне тут магілы бацькоў. Прынамсі, зараз гэта мяне не напалохала. Адзінае, што па новых зменах у законе зараз выставіць абвінавачанне могуць праз 20 дзён. Я падпісала яўку, што буду з’яўляцца па першым патрабаванні. Праўда пажартавала, што ў мяне няма тэлефона, калі ласка, выклікайце паштовым голубам ці праз пошту. Таму буду чакаць, што яны намалююць і нарыюць за гэтыя 20 дзён, якія абвінавачванні. Пакуль такі стан няпэўнасці.

Алег Груздзіловіч: "Гэта адмысловае стаўленне да палітычных, каб ім было некамфортна"

Алег Груздзіловіч праходзіць падазраваным па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У турме ён абвесціў галадоўку, каб падтрымаць сваю калегу Іну Студзінскую. У лістападзе 2020 года ён ужо правёў 15 сутак на Акрэсціна.

Алег Груздзіловіч пасля вызвалення з-пад арышту 26 ліпеня 2021
Алег Груздзіловіч пасля вызвалення 26 ліпеня 2021 годаФото: privat

Алег Груздзіловіч: Тады нам выдавалі бялізну, матрацы, ручнікі. Нас вадзілі на шпацыры. Цяпер мы ўсяго гэтага былі пазбаўленыя. Спачатку мне сказалі, што спёка вінаватая, але калі спёка спала, усё гэта працягвалася. Таксама нам не выключалі святло на ноч, хаця год таму яго прыглушалі. Не было душу, шпацыраў і самае галоўнае – нас пазбавілі перадач, якія паводле закону належаць любому затрыманаму або арыштаванаму. Некаторыя людзі марылі хутчэй трапіць на Валадарку, бо на Акрэсцiна немагчыма знаходзіцца. Мы былі вымушаныя ляжаць на драўляных нарах і дзякаваць лёсу, што на драўляных, а не на металічных.

DW: З чым звязаны такія жорсткія ўмовы?

- Гэта сто адсоткаў звязана з тым, што мы гэтак званыя "палітычныя". Мы гэта праверылі на тым, што калі нас пераводзілі ў іншую камеру, дзе былі людзі з крымінальнымі артыкуламі – напрыклад, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў – яны ляжалі да гэтага на матрацах. Як толькі мяне туды прывялі, то праз паўгадзіны матрацы ў нас забралі. І ўсе, з кім я сядзеў з "палітычных", усе пра гэта казалі. Гэта такое адмысловае стаўленне да "палітычных", каб ім было максімальна некамфортна і каб яны адчулі ступень сваёй віны.

- Ці было нечаканым вызваленне?

- Як затрыманне, так і вызваленне было цалкам нечаканым. Я разлічваў, што ў панядзелак мне павінны былі або выставіць абвінавачанне або вызваліць або перавесці на Валадарку. Або працягнуць следчыя дзеянні. Замест гэтага мяне раніцай вывелі і вызвалілі. Далі падпісаць дакументы. Пакуль мне не вярнулі ні тэхніку, ні дакументы. І працаваць я не магу.

Ігар Ільяш: "Я з краіны, натуральна, не з’еду"

Для Ігара Ільяша, мужа палітзняволенай журналісткі "Белсату" Кацярыны Андрэевай, затрыманне не было нечаканасцю:

Ігар Ільяш
Ігар ІльяшФото: Privat

Ігар Ільяш: Я хадзіў з трывожным чамаданчыкам, дзе ёсць рэчы на выпадак майго арышту: змена бялізны, зубная шчотка, мыла – рэчы першай неабходнасці ў турме. Канешне, у той момант, калі пачаліся масавыя ліпеньскія ператрусы і арышты, для мяне стала відавочна, што гэта пытанне часу. І за два дні да 16 ліпеня мне на нумар у тэлеграме прыйшло паведамленне ад схаванага абанента з наступным тэкстам: у бліжэйшыя дні рэжым плануе канчаткова вырашыць пытанне з незалежнай прэсай, не начуйце дома, не выкарыстоўвайце мабільны тэлефон. Першыя, хто патрапіць пад удар, - гэта будуць журналісты "Радыё Свабоды" і "Белсату". Шчыра кажучы, калі я гэта прачытаў, я падумаў, што, магчыма, гэта напісаў хтосьці з падпісчыкаў майго тэлеграм-каналу. Але калі ў пятніцу, 16 ліпеня, я даведаўся, што сапраўды ўдар прыйшоўся па журналістах "Радыё Свабода" і "Белсату", для мяне стала відавочна, што мяне папярэджваў нехта з спецслужбаў – хто спачувае або проста не згодны з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі.

DW: Якія ўмовы былі ў камеры?

- Да ўсіх палітзняволеных на Акрэсціна ставяцца аднолькава дрэнна. Для іх мэтанакіравана ствараюцца невыносныя ўмовы: ім не выдаюць матрацы, людзі спяць на голых дошках нараў, замест падушкі яны выкарыстоўваюць пластыкавую бутэльку з вадой. Цэлы дзень 24 гадзіны і нават ноччу ўключана дзённае святло. Па начах бываюць праверкі – а другой, а чацвёртай уначы, то бок людзям проста не даюць спаць. Хаця ў прынцыпе спаць на голых дошках дастаткова праблематычна. Таксама палітзняволеным не перадаюць перадачы. Ад родных іх адміністрацыя прымае, але выдае на рукі толькі па факце вызвалення. Вось такая дзіўная логіка. І, канешне, палітзняволеных не водзяць у душ, не даюць ім мыцца, што ва ўмовах спёкі асобны здзек.

- Кагосьці з калегаў-журналістаў давялося сустрэць у турме?

- Я сядзеў пяць дзён з галоўным рэдактарам "Нашай Нівы" Ягорам Марціновічам – да таго, як яго этапавалі ў СІЗА на Валадарскага. Таксама я перасякаўся ў камеры з праваабаронцам Андрэем Палудай, які спецыялізуецца на праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі. І літаральна на некалькі гадзін я перасякаўся з журналістам "Радыё Свабода" Алесем Дашчынскім, якога вызвалілі незадоўга пасля нашай сустрэчы. У камеры насупраць сядзела Іна Студзінская з "Радыё Свабода". Яна мне праз турэмную кармушку паказала, што аб’явіла галадоўку і будзе яе трымаць у знак пратэсту супраць тых умоваў, у якіх знаходзяцца палітзняволеныя на Акрэсціна. Ніякіх  праблем, негатыўных эмоцый, звязаных з сукамернікамі, не было. Дзесьці напрыканцы гэтага 10-дзённага тэрміну нам у камеру сталі засяляць не толькі палітзняволеных, але і звычайных крымінальных, у многіх было па некалькі судзімасцяў. Некаторыя былі з ВІЧ, гепатытам, заразнымі хваробамі. Я магу меркаваць, што гэта быў разлік на нейкі канфлікт унутры гэтага мімалётнага калектыву, таму што крымінальнікі з-за нас таксама пазбаўляліся матрацаў, спалі пры святле, але ніякіх канфліктаў не было. Я ўбачыў у гэтых людзей больш чалавечнасці і разумення, больш здаровага сэнсу, чым у многіх прадстаўнікоў рэжыму.

- Ці адаб’ецца затрыманне на вашай працы?

- Для мяне па-сутнасці нічога не памянялася. Я як не збіраўся з’язджаць з краіны, так і не збіраюся. Як збіраўся працягваць працаваць, так і збіраюся. Я з лістапада жыву з разуменнем таго, што кожны дзень па мяне могуць прыйсці і арыштаваць па нейкай выдуманай крымінальнай справе. Таму для мяне гэтае затрыманне і статус падазраванага нічога па сутнасці не змяняе. Узровень рызыкі застаўся насамрэч той жа. А маё прынцыповае рашэнне таксама застаецца тым жа, якое я прыняў у лістападзе 2020 года – пакуль жонка знаходзіцца за кратамі, я з краіны, натуральна, не з’еду.

Саша Романова: Независимые СМИ Беларуси закатывают в асфальт

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще