1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Хатні гвалт у Беларусі - хто вырашае праблему цяпер

25 февраля 2023 г.

Пасля зачысткі ў 2021 годзе ў Беларусі амаль не засталося арганізацый, якія займаюцца праблемай хатняга гвалту. Куды цяпер звяртацца пацярпелым?

https://p.dw.com/p/4NvK5
Symbolbild | Bodyshaming
Фото: Photoshot/picture alliance

У 2021 годзе ў Беларусі ліквідавалі дзясяткі няўрадавых арганізацый, якія працавалі з сацыяльнымі праблемамі. Сярод іх - і арганізацыі, якія займаліся дапамогай ахвярам хатняга гвалту. Гарачая лінія, якая працавала з 2012 года на базе аб’яднання "Гендарныя перспектывы" і на якую бясплатна і ананімна маглі тэлефанаваць пацярпелыя, таксама спыніла працу ў ліпені 2021 года. Хто цяпер дапамагае беларускам, пацярпелым ад хатняга гвалту, - спрабавала разабрацца DW.

Што працуе цяпер?

З недзяржаўных ініцыятыў, якія дапамагалі ахвярам хатняга гвалту, у Беларусі засталася толькі адна - цэнтры дапамогі для жанчын з дзецьмі на базе дабрачыннай арганізацыі SOS-Дзіцячыя вёскі. Такія цэнтры ёсць у трох гарадах - Магілёве, Мар’інай горцы і Бараўлянах, але звяртацца туды могуць толькі тыя жанчыны, у якіх ёсць дзеці.

Вікторыя Лаўрынюк
Вікторыя ЛаўрынюкФото: European Art Academy

Пры дзяржаўных тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць крызісныя пакоі, куды таксама могуць звяртацца пацярпелыя. Аднак калі ў сям’і ёсць дзеці, то пры звароце ў дзяржаўны цэнтр існуе верагоднасць, што іх з сям’і забяруць - калі за адведзены дзяржавай час сітуацыя з аб’юзам у сям’і не вырашыцца. "Вядома, гэта вялікі ціск на жанчыну, і тады даводзіцца выбіраць, ці заставацца з дзецьмі ці разыходзіцца", - кажа Вікторыя Лаўрынюк, гендарная даследчыца, аўтарка даследавання пра распаўсюд хатняга гвалту сярод беларускіх жанчын.

Летась дзякуючы камандзе беларускіх валанцёраў запрацавала новая ініцыятыва - тэлефон даверу Oliviahelp.org. У каманду ўваходзяць псіхолагі і юрысты, якія працуюць аддалена з розных краінаў. Ахвяры хатняга гвалту могуць патэлефанаваць на лінію праз сайт ініцыятывы або напісаць у мэсэнджарах. Паводле прадстаўніцы сэрвісу, якая пажадала захаваць ананімнасць, да іх звяртаюцца як жанчыны ў Беларусі, так і тыя, хто цяпер жыве ў іншых краінах. У асноўным гэта жанчыны ва ўзросце ад 18 да 50 гадоў.

Таксама летась пачаў працу расейскі праект "Лабірынт", што кансультуе жанчын, якія перажылі гвалт, на чатырох мовах, у тым ліку на беларускай.

Апроч гэтага існуюць беларускія ініцыятывы "Яна/Ёй" і "Тэндар на гендар", да якіх можна звяртацца па дапамогу ў мэсэнджарах або праз сайты.

Закон пра хатні гвалт - "модная фармулёўка"

У Беларусі да гэтага часу няма закону пра хатні гвалт. У 2018 годзе ў парламенце павінны былі абмяркоўваць праект закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, падрыхтоўка якога ішла некалькі год. Але некалькі кансерватыўных арганізацый ініцыявалі збор подпісаў супраць такога закону, а Лукашэнка з вялікай трыбуны чарговы раз выказаўся пра заходнія павевы і іх шкоду для беларускага народу, сказаўшы, што закон "дур, узяты з Захаду, модная фармулёўка". Пасля гэтага Міністэрства ўнутраных спраў, якое прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы законапраекту, спыніла ўвесь працэс.

Адзінае дасягненне з таго часу - у студзені 2022 года былі ўнесеныя папраўкі ў закон аб прафілактыцы правапарушэнняў, дзе было вызначана, што такое хатні гвалт, і вылучаныя яго віды. Але паводле Вікторыі Лаўрынюк, гэты закон не вырашае галоўнай задачы - крыміналізацыі хатняга гвалту. Апроч таго, у яго не ўключылі такі від гвалту, як эканамічны. Паводле ж даследавання пра распаўсюд хатняга гвалту ў адносінах да беларусак, якое даследчыца праводзіла з ліпень па кастрычнік 2022 года, менавіта з эканамічным гвалтам найчасцей і сутыкаюцца жанчыны.

"Грошы становяцца прадметам маніпуляцыі і ціску на ахвяру"

Эканамічны гвалт - гэта калі адзін з партнёраў не дазваляе іншаму распараджацца грашыма. "Напрыклад, муж адмаўляецца набываць жонцы боты, - кажа Вікторыя Лаўрынюк. - Вядома, калі гэта сотая пара ботаў, гэта не будзе трактавацца як эканамічны аб’юз. Але калі ў жанчыны ўвогуле няма абутку, і яна цалкам залежыць ад мужа, то ў такой сітуацыі адмова, вядома, будзе лічыцца эканамічным гвалтам". Таксама да эканамічнага гвалту адносіцца празмерны кантроль сумесных або асабістых фінансаў. Напрыклад, партнёр прымушае для справаздачы прыносіць чэкі. "Нават бываюць такія сітуацыі, калі жанчына сама сябе забяспечвае, але аб’юзер патрабуе ад яе чэкі", - кажа Вікторыя Лаўрынюк.

У сваю чаргу Oliviahelp.org адзначае, што запыты па праблеме эканамічнага гвалту звязаныя перадусім з рэлакацыяй, "калі адзін з чальцоў сям'і становіцца эканамічна залежным ад другога. У такім выпадку грошы становяцца прадметам маніпуляцыі і ціску на ахвяру."

Талерантнасць да гвалту знізілася

Праблема хатняга гвалту не меншая сярод тых беларусак, якія цяпер жывуць за мяжой, у параўнанні з беларускамі ўнутры краіны, адзначае Вікторыя Лаўрынюк: "Жанчына апынаецца ў сітуацыі, калі яна не ведае мовы або ёсць пытанні з дакументамі або страх. І атрымліваецца, што часцяком беларускі пасля пераезду застаюцца без падтрымкі, якая ў іх была ў Беларусі. І гэта рызыка-фактар, які павялічвае верагоднасць хатняга гвалту".

У цэлым масавыя рэпрэсіі ў Беларусі яшчэ больш ускладнілі сітуацыю з хатнім гвалтам. Як кажа прадстаўніца Oliviahelp.org, "чым большы ўзровень гвалту ў грамадстве, тым больш гэта адбіваецца і на ўзроўні гвалту ў блізкіх адносінах". З гэтым пагаджаецца Вікторыя Лаўрынюк і дадае, што ёсць і пазітыўны момант: "Масавасць дзяржаўнага гвалту паўплывала на тое, што людзі ў прынцыпе сталі менш талерантныя да гвалту і больш адчувальныя да яго ўспрымання, што так сапраўды нельга. І гэта пераносіцца ў тым ліку на хатні гвалт".

Белорусы помогают жертвам изнасилований в Украине

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще