1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Філіпенка: мільёны чыталі Салжаніцына, але ўсё паўтараецца

16 января 2023 г.

Пісьменнік Саша Філіпенка выступіў у Вільні, дзе распавёў пра выклікі для беларускіх пісьменнікаў падчас вайны. "Самае галоўнае прызнанне, калі маю кнігу перадавалі з рук у рукі на Акрэсціна", - кажа аўтар.

https://p.dw.com/p/4ME2t
Litauen Vilnius Schriftsteller Sasha Filipenko
Фото: DW

Саша Філіпенка - адзін з самых вядомых беларускіх пісьменнікаў у Еўропе. Ягоныя кнігі перакладзеныя на 14 моваў, апошні раман - “Крэмулятар” ("Кремулятор") - праз месяц выходзіць у Нямеччыне, Швейцарыі і Аўстрыі. 13 студзеня аўтар завітаў у Вільню, дзе распавёў, як прадказаў, што беларускія дзеці будуць гуляць у амапаўцаў, а Расея нападзе на Украіну, і чаму падчас вайны важна адчуваць сябе беларусам.

Раман "Крэмулятар" стаў сёмым у скарбонцы Сашы Філіпенкі. Гэта гісторыя пра першага дырэктара крэматорыя ў Маскве, які па начах дапамагае чэкістам хаваць сляды аб расстраляных, але неўзабаве сам становіцца ахвярай рэпрэсій. Справа дырэктара была ў архіве праваабаронцаў "Мемарыяла", там і падказалі тэму пісьменніку.

"Адчуваю сябе дома на любой вуліцы Менску"

Саша Філіпенка піша па-руску. І першае пытанне на сустрэчы было, аўтарам якой краіны, асабліва з пачаткам вайны, ён сябе адчувае.

Саша Філіпенка
Саша ФіліпенкаФото: Yana Karpova/DW

"Калі я атрымліваю літаратурныя прэміі ў Расеі, чую: чаму яму даюць узнагароды, ён жа беларускі пісьменнік? А ў Беларусі мне кажуць: чаму ты прэтэндуеш на нешта тут, ты ж працуеш у Расеі і па-руску, - кажа ён. - Я адчуваю сябе беларусам, у мяне ёсць толькі беларускі пашпарт. Адчуваю сябе дома проста на любой вуліцы Менску. У Пецярбургу, дзе пражыў дзесяць год, кожны раз закрываючы дзверы кватэры, разумеў, што знаходжуся ў чужым асяроддзі".

Пры гэтым, па словах пісьменніка, руская мова важная для яго. "Я не лічу, што руская мова належыць Расейскай Федэрацыі, гэта сродак камунікацыі, - тлумачыць аўтар. - Я нарадзіўся ў рускамоўным Менску. І пратэсты 2020-га таксама збольшага былі рускамоўнымі".

Сваім галоўным прызнаннем ён лічыць тое, што вязні перадавалі з рук у рукі ягоны раман "Былы сын" ("Бывший сын"), калі адбывалі пакаранне ў ізалятары на Акрэсціна.

"Калі пачалася вайна, два тыдні проста ляжаў пластом"

Саша Філіпенка жыве ў Швейцарыі, кажа, што калі пачалася вайна, не мог проста глядзець па баках, здавалася, як наваколле можа быць такім маляўнічым, калі адбываецца трагедыя.

"24 лютага я адчуў бязмернае бяссілле, - прыгадвае ён. - Два тыдні ляжаў пластом, арганізм не вывозіў уласную бездапаможнасць. Мая былая жонка, у яе расейскі пашпарт, у гэты момант была ў Лондане. Яна кожны дзень выходзіла да амбасады, але лічыла гэта недастатковым. На 50-ы дзень вайны прыляцела ў Пецярбург, выйшла на Неўскі праспект з плакатам, адстаяла 40 хвілін, яе арыштавалі. Толькі гэта дазволіла ёй прымірыцца з сітуацыяй. Я ж упершыню ў жыцці адчуў, што нічога не магу зрабіць".

Але і ў часы вайны, кажа Філіпенка, для яго важна ў першую чаргу думаць пра Беларусь:

"Зараз я назіраю, як многія беларусы сталі больш украінцамі, таму што трэба вельмі падтрымліваць Украіну. Я падзяляю гэтую падтрымку, але гэта не адмяняе таго, што ў нашай краіне нічога не змянілася: па-ранейшаму 9 мільёнаў знаходзяцца ў закладніках, 50 тысяч былі затрыманыя. Нядаўна я даваў інтэрв’ю нямецкаму журналісту, які пачаў гутарку з таго, як ён рады, што ў Беларусі нармалізавалася сітуацыя. І я бачу сваю місію ў тым, каб тлумачыць, што насамрэч праблема не вырашылася".

Прадказанні сумнай будучыні

У 2014-м выйшаў першы раман Сашы Філіпенкі - "Былы сын", дзе ёсць эпізод, як дзеці гуляюць у разгон дэманстрацыі. Аўтар прызнаецца, што тады беларуская інтэлігенцыя яго загнабіла, маўляў, адарваўся ад жыцця ў сваёй Маскве, не ведаеш, што ў нас насамрэч адбываецца. У 2020-м інтэрнэт абляцелі відэа, дзе дзеці падзяляюцца на амапаўцаў і пратэстоўцаў.

"Калі апісваеш рэчаіснасць, нескладана прадказаць, што будзе далей адбывацца, - лічыць Філіпенка. - У "Цкаванні" ("Травли") былі апісаныя працэсы, калі судзяць за пустыя допісы ў сацсетках, а ў "Вяртанні ў Астрог" ("Возвращении в Острог"), напісаным у 2020-м, - прадказанне вайны з Украінай, хаця я сам да апошняга не верыў, што гэта адбудзецца. З аднаго боку, для аўтара важна, каб ягоная кніга заставалася запатрабаванай. Але як грамадзянін я б хацеў, каб раман "Былы сын" перастаў быць актуальным".

Кнігі не могуць змяніць людзей, лічыць пісьменнік. Хіба некаторую частку грамадства. "У Салжаніцына ў Савецкім саюзе былі 10-мільённыя наклады, каласальная колькасць людзей прачытала "Архіпелаг ГУЛАГ", і нібыта пасля гэтага немагчыма тое, што мы бачым цяпер. Але гэта адбываецца", - дадае ён.

З пачаткам рэпрэсій многія беларускія пісьменнікі былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Ці змогуць яны заставацца актуальнымі для сваіх чытачоў, ці будуць адчуваць, чым жыве грамадства?

"Я ўчора размаўляў з Віктарам Марціновічам, і ён, як і я, цяпер нічога не можа пісаць, усе займаюцца эсэістыкай, - кажа Саша Філіпенка. - Але неабавязкова знаходзіцца ў краіне, каб перадаць дэталі, пра якія можна даведацца ад сяброў, калег. Я дапісваў "Былога сына" у Хельсінкі, да таго правёў "даследчую працу" - пражыў 28 год у Беларусі. Цяпер я не адчуваю паветра Менску. Калі пачаліся пратэсты, мы з сябрамі завялі чат. І вось з сямі чалавек усе, апроч аднаго, выехалі з краіны. Канечне, я не адчуваю, праз што праходзіць мой сябра, я толькі магу перадаць яго пачуцці".

Интервью с Виктором Мартиновичем

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще