1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ці могуць улады зноў адключыць інтэрнэт у Беларусі?

2 марта 2023 г.

Улады Беларусі выкарыстоўваюць інтэрнэт-цэнзуру, каб абмежаваць доступ да незалежнай інфармацыі. Адзін з самых небяспечных відаў цэнзуры - адключэнне інтэрнэту, што здарылася ў 2020 годзе. Ці магчымае яго паўтарэнне?

https://p.dw.com/p/4O51t
Zensur im Internet
Фото: imago images / Westend61

Цэнзура - улюбёны інструмент дыктатарскіх рэжымаў. Беларусь - не выключэнне. Дзясяткі заблакаваных сайтаў, адключэнні інтэрнэту ў 2020 годзе, прызнанне незалежных медыя-рэсурсаў "экстрэмісцкімі". Наколькі эфектыўна працуе інтэрнэт-цэнзура ў Беларусі і што можна чакаць у будучыні - пра гэта ў DW.

Цягам апошніх трох год беларускія ўлады спрабуюць па-рознаму абмяжоўваць доступ да незалежнай інфармацыі: як з дапамогай тэхнічных сродкаў, так і выпускаючы новыя пастановы, накіраваныя на ўскладненне працы незалежных рэдакцый. "За апошнія тры гады мы пабачылі разнастайныя інструменты цэнзуры, і, нягледзячы на тое, што кожны з гэтых інструментаў паасобку можа выглядаць дастаткова тапорным і можа быць не такім эфектыўным, ў сукупнасці гэта вельмі моцна паўплывала на інфармацыйную прастору ў Беларусі", - кажа эксперт праваабарончай арганізацыі Human Constanta, які пажадаў застацца ананімным.

Беларускім СМІ і арганізацыям грамадзянскай супольнасці давялося значным чынам перагледзець сваю працу і дапасаваць яе да новых абставінаў. Гэта ж тычыцца і спажывальнікаў незалежнай інфармацыі.

Блакаванне сайтаў - самы просты і даўні від інтэрнэт-цэнзуры

Рука з тэлефонам, на экране - надпіс VPN
VPN дазваляе абыходзіць цэнзуру ў інтэрнэцеФото: Rafael Henrique/ZUMAPRESS/picture alliance

Некаторыя метады цэнзуры зусім не новыя. Самы просты з іх, які выкарыстоўваецца ў Беларусі не першы год, - гэта блакаванне сайтаў. Менавіта з 2020 года колькасць "палітычных" блакаванняў сайтаў значна павялічылася. Паводле дадзеных Human Constanta, што рэгулярна маніторыць працу інтэрнэта ў Беларусі, цяпер у Беларусі каля 19% усіх блакаванняў адбываецца па палітычных матывах. Абысці гэтае абмежаванне проста - дастаткова ўсталяваць VPN. Аднак, як адзначае экперт Human Constanta, не ўсе гэта робяць: "Досыць шмат людзей, якім камп’ютарная пісьменнасць не дазваляе так проста ўзяць і карыстацца гэтым інструментам". Таму нават пры простым абыходзе гэты метад усё адно дасягае пэўных мэтаў - незалежныя СМІ згубілі частку сваёй аўдыторыі.

"У Еўропе такіх выпадкаў адключэння інтэрнэту не было"

У 2020 годзе незалежным СМІ давялося яшчэ большую стаўку зрабіць на Telegram, Facebook, Youtube і іншыя платформы. Больш за ўсё не даваў уладзе спакою менавіта Telegram. Цалкам блакаваць такія платформы дзяржаве нявыгадна, бо там знаходзяцца і дзяржаўныя каналы распаўсюду інфармацыі. Але каб абмежаваць распаўсюд незалежнай інфармацыі падчас выбараў, улады пайшлі на рашучы крок - з 9 па 12 жніўня 2020 года ў Беларусі цалкам адключылі інтэрнэт. Гэта быў новы метад інтэрнэт-цэнзуры не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Як адзначае Human Constanta, "у Еўропе такіх выпадкаў адключэння інтэрнэту і такой масавай фільтрацыі, якая прывяла ў выніку да адключэння ад знешняга інтэрнэту, не было". Адзінкавыя сэрвісы маглі абыходзіць гэтую фільтрацыю, але большасць інфармацыі была недасяжнай.

На думку эксперта, такі шатдаўн не быў зроблены наўмысна, але "праз недасканаласць абсталявання, ці недастатковую падрыхтаванасць, ці недахоп прафесійнага падыходу атрымалася нешта накшталт бутэлечнага горлачка, калі замежны інтэрнэт-трафік фільтраваўся на абсталяванні двух дзяржаўных правайдараў - "Белтэлекаму" і Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам - і проста не паспяваў праходзіць".

З такой думкай пагаджаецца і эксперт у інтэрнэт-бяспецы Аляксей Чарняеў: "Я падазраю, што быў дадзены загад: глушыце ўсё, абы перастала працаваць".

Абсталяванне, дзякуючы якому было магчымае адключэнне інтэрнэту, беларускія ўлады закупілі ў амерыканскай фірмы Sandvine, якая пасля скандалу адклікала ліцэнзію. Аднак, як адзначаюць эксперты, абсталяванне па-ранейшаму працуе і яго можна выкарыстоўваць для блакаванняў. Таксама яго можна набыць у Кітаі або скарыстацца з шэрых паставак. У любым выпадку абодва эксперты паўтарэння такога сцэнару з адключэннем інтэрнэту ў Беларусі не выключаюць.

"Адрэзаць ад інфармацыі ўнутры краіны"

У дадатак да гэтага ў Беларусі яшчэ да выбараў упершыню пачалі адключаць мабільны інтэрнэт. Гэта былі кропкавыя адключэнні, якія здараліся ў месцах масавага збору людзей. "Гэта пацверджаная практыка, калі па званку ці па пісьмовым звароце аператары выключалі інтэрнэт на базавых станцыях у пэўнай мясцовасці", - кажа эксперт Human Constanta. Такія адключэнні працягваліся да снежня 2020 года, пакуль у Менску па выходных праходзілі акцыі пратэсту. Выключаць іх паўтарэння таксама немагчыма. Калі будзе патрэба, улады могуць такім чынам адключаць ад мабільнага інтэрнэту цэлыя раёны.

Яшчэ адзін інструмент інтэрнэт-цэнзуры - гэта прызнанне незалежных медыя-рэсурсаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" або "экстрэмісцкімі фармаваннямі". Супраца з такімі СМІ, падпіска або інтэрв’ю ім разглядаецца як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, за гэта пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Такім чынам улады спрабуюць незалежныя СМІ "адрэзаць ад інфармацыі ўнутры краіны, каб ім ніхто гэтую інфармацыю не даваў", - адзначае эксперт Human Constanta.

Свая цэнзура лепш за чужую?

Паводле экспертаў, адключэнне інтэрнэту ў 2020 годзе прынесла Беларусі нямала эканамічных страт. Для дыктатарскіх рэжымаў найбольш выгодная і эфектыўная - таксама і з эканамічнага гледзішча - кітайская мадэль суверэннага інтэрнэту, калі пэўныя заходнія сэрвісы замяняюцца ўласнымі.

"Яны паступова адвучылі карыстальнікаў ад некітайскіх сэрвісаў, - распавядае Аляксей Чарняеў. - Калі ты карыстаешся некітайскім сэрвісам, у кожны момант ён можа быць заблакаваны. Можа быць, не татальна, а на нейкія дні, але ў кожным разе гэта стварае дыскамфорт яго карыстальнікам, у выніку выцясняе карыстальнікаў на мясцовыя сайты і сэрвісы".

Распрацоўкі такой сістэмы пад назвай "технические средства противодействия угрозам" (ТСПУ) ужо не першы год вядуцца ў суседняй з Беларуссю Расеі. Такая сістэма дазваляе мець унутры краіны ўсе неабходныя сэрвісы, якія будуць працаваць і пры адключэнні ад знешняй сувязі. "З улікам настрою насельніцтва яны могуць дазволіць сабе перакрываць ці звужаць каналы злучэння з вонкавым інтэрнэтам, не правакуючы сацыяльных рэакцый", - адзначае Аляксей Чарняеў. Паводле інфармацыі Human Constanta, паўнавартасна гэтая сістэма ў Расеі пакуль яшчэ не працуе, хаця тэставанні і падрыхтоўка праводзяцца.

Карикатура Сергея Елкина: злой медведь сидит напротив ноутбука без экрана
Карикатура Сергея Елкина о том, как в России может работать автономный интернет

У Беларусі сродкаў на такую ўласную сістэму няма, але тэарэтычна краіну можна падлучыць да расейскай сістэмы і адключыць ад заходніх сэрвісаў. Ці верагодны такі сцэнар? "У гэтым выпадку Беларусь перастане цалкам кантраляваць інфармацыйную прастору, таму што і абсталяванне, і кіраванне ім і праграмнай часткай будзе знаходзіцца ў Расеі, і адпаведна там могуць выключаць і падключаць любыя беларускія сэрвісы, крыніцы інфармацыі, - адзначае эксперт Human Constanta. - Нават для лукашэнкаўскіх медыяў Google, Youtube, Telegram або іншыя платформы выглядаюць больш свабоднымі ад кантролю, чым расейскія сэрвісы". 

Тое, што Лукашэнку важна мець уласную цэнзуру, а не чужую, сцвярджае і Аляксей Чарняеў. Аднак на яго думку, усё будзе залежаць ад палітычнага развіцця падзеяў і выключаць такога сцэнару немагчыма.

"Беларусы здольныя хутка вучыцца"

Што ж рабіць беларусам у выпадку адключэння інтэрнэту або падлучэння Беларусі да расейскай сістэмы? Паводле рэкамендацыі Human Constanta, кожнаму карыстальніку інтэрнэта ў Беларусі варта ўсталяваць на тэлефон і камп’ютар VPN. Прычым не адзін, а некалькі, бо ў сітуацыі з фільтрацыяй інтэрнэту некаторыя з іх могуць не працаваць. Таксама варта карыстацца рознымі мэсэнджарамі - на выпадак, калі нейкі з іх перастане працаваць - і запампаваць сабе на тэлефон мэсэнджары, якія працуюць і пры адключаным інтэрнэце. Сродкі абыходу цэнзуры ёсць нават у Кітаі. "А беларусы здольныя хутка вучыцца", - падкрэслівае эксперт Human Constanta.

Как обойти блокировки в интернете? Это нужно знать!

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще