1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Інтэрв'ю з беларусам, які вандруе вакол свету

15 марта 2024 г.

Наш герой за два гады наведаў 26 краінаў. На Балі ён знайшоў крамбамбулю і сала.

https://p.dw.com/p/4dZDk
Аляксандр Гойшык падчас вандроўкі ў Венесуэлу
У Венесуэле Аляксандр убачыў кепскую будучыню для БеларусіФото: Privat

Аляксандр Гойшык больш за два гады вандруе па свеце. За гэты час ён аб’ехаў Лацінскую Амерыку, ЗША, Аўстралію і Новую Зеландыю. На чарзе - Азія, цяпер Аляксандр у Інданезіі. Падчас падарожжа ён часта спыняецца ў беларусаў, якіх абавязкова частуе фірмовымі дранікамі. У размове з DW вандроўнік распавёў, як змяніліся землякі пасля 2020 года, якая краіна яму найбольш нагадала Беларусь і што было самым небяспечным падчас паездкі.

Беларуская кухня на Балі "карыстаецца шалёнай папулярнасцю" 

DW: Аляксандр, раскажы, калі ласка, як прыйшла ідэя ў час падарожжа спыняцца ў беларусаў?

Аляксандр Гойшык: Напачатку падарожжа ў мяне не было такой канцэпцыі, дый у Лацінскай Амерыцы, адкуль я стартаваў, жыве не так шмат землякоў. Улетку я апынуўся ў Штатах і вырашыў паспрабаваць знайсці беларусаў, з якімі можна і проста пазнаёміцца, паразмаўляць і пагуляць па горадзе, а можа, нават і спыніцца ў іх. У адказ я заўсёды гатую вячэру - дранікі. Менавіта ў ЗША я зразумеў, наколькі гасцінныя дый увогуле крутыя нашы беларусы.

Аляксандр Гойшык у ЗША
У ЗША Аляксандр знаёміўся з мясцовымі беларусаміФото: Privat

І калі выпраўляўся ў Аўстралію і Новую Зеландыю, вырашыў развіць сваю новую канцэпцыю. Ізноў сустрэў вельмі шмат класных людзей. Нечакана і ў Азіі, ужо на фінальным адрэзку майго падарожжа, я даведаўся, што тут багата нашых людзей. Напрыклад, просты хлопец з Гомля Лёша адкрыў на Балі сетку рэстарацый беларускай кухні, дзе гатуюць дранікі, мачанку, халаднік і іншыя нашыя стравы. На прэзентацыі ён частаваў гасцей самаробнай крамбамбуляй, салам з чорным хлебам і салёнымі агуркамі. Такога я дакладна не чакаў! А рэстарацыя карыстаецца шалёнай папулярнасцю, туды прыходзяць не толькі беларусы і ўкраінцы, але і заходнія турысты і нават мясцовыя жыхары.

"У Новай Зеландыі і Аўстраліі пра Беларусь ведаюць"

- У сацсетках ты пішаш, што беларусы за мяжой змяніліся пасля 2020 года. Што ты маеш на ўвазе?

- Я чуў пра гэта і ў Аўстраліі, і ў Штатах: да 2020 года беларусы асабліва не цікавіліся, што адбываецца на радзіме. Але яшчэ ніколі ў найноўшай гісторыі наша краіна не зазнавала такога ўзроўню гвалту. Гэта паўплывала на многіх людзей у замежжы. У асноўным гэта людзі з высокім узроўнем жыцця, якія ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, а тут у іх дома паўтараецца 37-ы год. Калі яны ўбачылі, што рабілася на вуліцах беларускіх гарадоў, не маглі ні спаць, ні працаваць.

Аляксандр Гойшык вандруе вакол свету
Аляксандр у Новай ЗеландыіФото: Privat

Гэта стала хваляй абуджэння, людзі пачалі цікавіцца не толькі апошнімі навінамі, але і гісторыяй, культурай Беларусі. Напрыклад, беларусы Аўстраліі спачатку хадзілі на акцыі салідарнасці, а пасля стварылі кніжны клуб, замаўляюць беларускія кнігі, сустракаюць і абмяркоўваюць прачытанае, стараюцца размаўляць па-беларуску. Раней яны бачылі, што побач ёсць моцная ўкраінская дыяспара, але зараз патроху ўтвараецца такая ж беларуская.

- Ці сталі за мяжой лепш ведаць пра Беларусь? Або ўсё яшчэ даводзіцца шмат тлумачыць?

- У Новай Зеландыі і Аўстраліі пра Беларусь ведаюць. Магчыма, там проста лепш выкладаюць геаграфію. Але і імя дыктатара для іх не новае, яны агулам разумеюць кантэкст. У ЗША і Лацінскай Амерыцы пра Беларусь па-ранейшаму мала чулі, ім усё яшчэ трэба чытаць лекцыю, дзе гэта знаходзіцца. У мяне быў выпадак у Перу, калі хлопец, якога я знайшоў праз Couchsurfing, перш чым пагадзіцца мяне прыняць, удакладніў, як я стаўлюся да Лукашэнкі. Справа ў тым, што ён па палітычных прычынах з’ехаў з Венесуэлы. Венесуэльцы - адзіныя, хто ў Лацінскай Амерыцы ведаюць Беларусь. Яны памятаюць нашых будаўнікоў, якія да іх прыязджалі, і Лукашэнку, які сябраваў з Чавэсам.

Аляксандр Гойшык падчас вандроўкі вакол свету наведаў Аўстралію
Аляксандр Гойшык ў АўстралііФото: Privat

"Апынаюся ў раёне, дзе адчуваю, што будуць праблемы"

- Ці нагадвае Венесуэла Беларусь? Там жа таксама жывуць пад санкцыямі.

- Мы з венесуэльцамі разумеем адно аднаго без словаў. Я паехаў у Венесуэлу, каб убачыць кепскую будучыню для Беларусі. Але спадзяюся, мы да такога жаху не дойдзем. Там значна большая галеча, непараўнальна горш з бяспекай. Што падобна да нас? Там пад кожным кустом сядзіць паліцыя. Праз кожныя 20 км стаяць блок-пасты, якія спыняюць аўтобусы, паліцэйскія выводзяць больш-менш заможных пасажыраў, і мяне так заадно прыхапілі. Далей заводзяць у будку і пачынаюць абшукваць. У мяне ў кішэні было 15 долараў, 10 паліцэйскі забраў са словамі: "Невялікі падарунак для Нацгвардыі". Калі я сказаў, што гэта мае апошнія грошы, ён абурыўся: "Ты што нахабнічаеш?" Але вярнуў мне дзясятку і забраў пяцёрку са словамі: "Згубіся". Так што Венесуэла - адзіная краіна, дзе за 2,5 гады падарожжа мяне абрабавалі.

- Ці былі яшчэ небяспечныя моманты падчас падарожжа?

Аляксандр Гойшык вандруе вакол свету
За два гады Аляксандр наведаў 26 краінаўФото: Privat

- Гэта быў самы стрэсавы момант, пасля якога я зразумеў, што не хацеў бы вярнуцца ў Венесуэлу.

Былі інцыдэнты ў Калумбіі. Пераходжу дарогу, апынаюся ў раёне, дзе проста на скуры адчуваю, што будуць праблемы. Праходжу 20 метраў, да мяне звяртаюцца людзі: "Братка, звальвай адсюль, нам непатрэбныя праблемы". Далей пад’язджае таксі, і мясцовы кажа, што бясплатна адвязе мяне да цэнтру. У Лацінскай Амерыцы, калі сцямнела, лепш увогуле пакінуць вуліцу. І такая сітуацыя паўсюль, апроч Аргентыны і Уругвая.

- Які настрой у беларусаў, з якімі ты сустракаўся ў час падарожжа? Ці вераць яны ў змены ў Беларусі?

- Усе жывуць надзеяй, што наш народ усё ж такі дачакаецца пераменаў. Але празмернага аптымізму, па шчырасці, не сустракаў. Людзі стараюцца рэалістычна глядзець на жыццё: не трэба жыць надзеяй, што заўтра мы вернемся. Пакуль сітуацыя складваецца не на нашу карысць, трэба жыць тут і цяпер, а калі з’явіцца магчымасць, вярнуцца і быць годнымі грамадзянамі новай Беларусі.

Как белорус с инвалидностью отправился в кругосветку

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме