1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Гісторыя поспеху дырыжора з Беларусі ў Нямеччыне

28 сентября 2022 г.

Віталь Алексяёнак - адзін з самых паспяховых маладых дырыжораў Еўропы, лаўрэат міжнародных конкурсаў, родам з беларускай Вілейкі. Падчас канцэрту ў Боне ён распавёў DW пра мастацтва, вайну і канцэрты ва ўкраінскім метро.

https://p.dw.com/p/4HPjw
Beethovenfest Campus-Konzert
Фото: Michael Staab/Beethovenfest

Дырыжор Віталь Алексяёнак кіруе аркестрам на генеральнай рэпетыцыі ў памяшканні былога нямецкага парламента ў Боне. Музыкі з Украіны, Беларусі і Нямеччыны граюць 3-ю сімфонію Бэтховэна ў аранжыроўцы ўкраінскага кампазітара Максіма Каламійца, якую гэтым вераснёўскім вечарам упершыню выканаюць перад публікай падчас двухгадзіннага канцэрту на Бэтховэнскім фестывалі. Віталь дае кароткія парады музыкам: "Нясіце гук па зале... Мы ўжо адвыклі ад такой акустыкі…Тут цішэй…" Дырыжор кажа асобныя рэплікі па-ангельску, па-беларуску або па-нямецку. Ён пераключаецца паміж рознымі мовамі так жа спрытна, як паміж музыкамі, якія граюць на розных інструментах.

Шлях з Беларусі ў Нямеччыну праз Расею

31-гадовы Віталь Алексяёнак - пераможца конкурсу дырыжораў імя Тасканіні ў Італіі. Пачынаючы з тэатральнага сезону 2022/23, ён працуе капельмайстрам Нямецкай оперы на Рэйне ў Дусэльдорфе. Паралельна ён рыхтуе іншыя пастаноўкі - такія, як канцэрт для Бэтховэнскага фестывалю альбо сваю дэбютную оперу ў міланскай "Ла Скала".

Бэтховэнскі фестываль у Боне
Бэтховэнскі фестываль у БонеФото: Michael Staab/Beethovenfest

Родам Віталь з беларускага гораду Вілейка. Сваю музычную кар'еру ён пачынаў у Віленскім духавым аркестры і ў музычнай вучэльні ў Менску. У 2011 годзе ён пакінуў Беларусь, каб навучацца ў дзяржаўнай кансерваторыі ў Санкт-Пецярбурзе. Аднак яго стаўленне да Расеі як дзяржавы з 2014 году пачало пагаршацца. "Я бачыў усё тое варʼяцтва ў Расеі ўжо тады, калі мае знаёмыя, з якімі мы дзень-два, тыдзень таму добра размаўлялі, проста зварʼяцелі і паехалі даваць канцэрты ў так званую Наваросію. Я такога не мог абсалютна зразумець", - кажа беларус. У 2015 годзе Віталь прыехаў у Нямеччыну, дзе навучаўся ў Вышэйшай школе музыкі ў Ваймары.

Праекты ва Украіне

Апошнія шэсць год Віталь Алексяёнак актыўна выступаў ва Украіне, напрыклад, падчас культурніцкіх праектаў у Севераданецку, а таксама ў Кіеве і Львове. У 2021 годзе ён узначаліў музычны фестываль "Kharkiv musiс fest". Канцэрты планаваліся на сакавік-красавік 2022 года, аднак праз вайну фармат мерапрыемства вырашылі змяніць. Замест філармоніі музыкі гралі ў харкаўскім метро, а таксама ў бамбасховішчы і шпіталі.

"Я там не быў, але я з усімі размаўляў, усё бачыў. Гэта было вельмі эмацыйна. Людзі казалі, што яны адну гадзіну быццам бы пабывалі дома, у нармальным становішчы і забылі пра ракеты. Нават у тую гадзіну прыляталі ракеты пад Харкаў, канешне, гэта было ўсё цяжка, але культура і музыка дапамагла ім на кароткі момант успомніць, што такое нармальнае жыццё", - распавядае Віталь.

Сам ён 24 лютага прачнуўся ў Берліне, дзе жыў на той момант, і быў "як усе, абсалютна ў шоку". Праз два дні Віталь паехаў на украінска-польскую мяжу, каб дапамагаць там уцекачам і валанцёрыць. Ён плануе паехаць ва Украіну, як толькі ў яго зʼявіцца такая магчымасць.

Дом у Беларусі

Віталь Алексяёнак сумуе не толькі па Украіне, але і па роднай Беларусі, дзе для яго па-ранейшаму знаходзіцца ягоны дом. У 2020 годзе ён прымаў удзел у мірных акцыях пратэсту ў Менску, пра што пасля напісаў кнігу на нямецкай мове. Таму ехаць у Беларусь цяпер для яго небяспечна. Больш за ўсё беларус сумуе па людзях, з якімі не можа ўбачыцца, і па родных краявідах. "Мы зараз трошкі адрэзаныя ад нашага мінулага, - кажа Віталь. - Вельмі важна, каб мы яго захавалі, каб мы памяталі адзін пра аднаго, пра ўсё тое, што адбывалася".

Віталь Алексяёнак у вышыванцы з бел-чырвона-белым сцягам на пратэстах у Беларусі
Віталь АлексяёнакФото: Vitali Alekseenok

Пры любой магчымасці Віталь Алексяёнак спрабуе спалучаць мастацтва і сваю грамадзянскую пазіцыю за дэмакратычную і незалежную Беларусь. Канцэрт на Бэтховэнскім фестывалі - для яго магчымасць расказаць пра сітуацыю ў Беларусі і ва Украіне ў сімвалічным месцы, у "сэрцы нямецкай дэмакратыі". "Музыка і культура могуць быць таксама "soft politics". Калі гэта вельмі ўражвае, калі гэта добра і якасна зроблена, то, мне здаецца, публіка выйдзе з гэтага канцэрта трошкі змененай", - разважае Віталь.

Дзве прэмʼеры на Бэтховэнскім фестывалі

Канцэрт у Боне, які музыкі рыхтавалі каля году, спачатку быў прысвечаны Беларусі, аднак пасля ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну, яго вырашылі прысвяціць абедзвюм краінам: Беларусі і Украіне. Менавіта гэтым краінам прысвечаныя самыя важныя для Віталя праекты.

"Мае самыя моцныя культурныя перажыванні былі звязаныя са жніўнем 2020-га ў Менску ці з ваеннай вобласцю ва Украіне, з Севераданецкам", - кажа Віталь. Ён лічыць, што ў крызісны момант культура можа стаць падтрымкай. Гвалт, любоў, салідарнасць, моц людзей, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць супраць жорсткіх рэжымаў - гэта тое, што музыкі, паводле дырыжора, спрабавалі перадаць гледачам канцэрта ў Боне.

Прэмʼеры твора ўкраінскага кампазітара Максіма Каламійца і кампазіцыі "Неба Марыі" Вольгі Падгайскай на словы Андрэя Хадановіча, прысвечанай палітзняволенай Марыі Калеснікавай, выклікалі доўгія апладысменты публікі. Віталь Алексяёнак спадзяецца, што гэты вечар зробіць яшчэ на крок бліжэй мірную і шчаслівую будучыню і Украіны, і Беларусі.

Маргарыта Ляўчук: "Проста спевы могуць шатаць рэжым"

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще